8d5b5172

Караткев_ч Уладз_м_р - Дз_Кае Паляванне Караля Стаха



det_history Уладзімір Караткевіч Дзікае паляванне караля Стаха bel Cherckes cherckes@yandex.ru Fiction Book Designer; FictionBook Tools; Xint 04.04.2006 Беларуская Палічка: http://knihi.com FBD-JP6GF2WU-GXGD-UQ1K-LR82-B600W5IIPSX3 1.1 Уладзімір Караткевіч
Дзікае паляванне караля Стаха
Я стары, я нават вельмі стары чалавек. І ніякая кніга не дасць вам таго, што на ўласныя вочы бачыў я, Андрэй Беларэцкі, чалавек дзевяноста шасці год. Кажуць, што доўгія гады лёс дае звычайна дурням, каб яны папоўнілі разумовы недахоп багатым вопытам.

Ну што ж, я жадаў бы быць дурным удвая і пражыць яшчэ столькі, бо я дапытлівы суб'ект. Столькі цікавага адбудзецца на зямлі ў наступныя дзевяноста шэсць год!
А калі мне скажуць заўтра, што я памру, — ну што ж: адпачынак таксама нядрэнная штука. Людзі калісь будуць жыць нават даўжэй за мяне, і ім не будзе горка за жыццё: усё ў ім было, усякага жыта па лапаце, усё я зведаў — нашто ж шкадаваць? Лёг і заснуў, спакойна, нават з усмешкай.
Я адзін. Памятаеце, казаў Шэлі:Цемра здушылаЦеплыню скрыпічых таноў.Калі двое навек разлучыліся,То не трэба пяшчоты і слоў.Яна была добрым чалавекам, і мы пражылі, як у казцы: «доўга, шчасліва, пакуль не памёрлі».

Але хопіць надрываць вам сэрца смутнымі словамі — я ж казаў, старасць мая — радасць мая, — лепей распавем вам штосьці з далёкіх, з маладых маіх год. Тут у мяне патрабуюць, каб я сваім апавяданнем скончыў сказ пра род Яноўскіх і яго заняпад, пра вымарачнасць беларускай шляхты. Відаць, трэба мне зрабіць гэта, бо, сапраўды, якая ж гэта атрымаецца гісторыя без канца.
Да таго ж, яна блізка датычыцца мяне, і расказаць пра гэта ўжо ніхто не можа — толькі я. А вам цікава будзе паслухаць дзіўную гісторыю і пасля сказаць, што яна вельмі падобна да выдумкі.
Дык вось, перад пачаткам я скажу, што тут праўда, шчырая праўда, толькі праўда, хоць вам давядзецца пакласціся ў гэтым толькі на адно маё слова.
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
Я ехаў з губернскага горада М. у самы глухі куток губерні на наёмным вазку, і мая экспедыцыя падыходзіла да канца. Заставалася яшчэ якія тыдні два начаваць у адрынах або проста ў вазку пад зорамі, піць з крыніц ваду, ад якой шчыміць лоб, слухаць працяглыя, як беларускае гора, песні баб на прызбах. А гора ў той час хапала: падыходзілі да канца праклятыя васьмідзесятыя гады.
Не думайце, аднак, што мы ў той час толькі і рабілі, што крычалі і пыталі мужыка: «Чаго бяжыш, мужычок?» і «Ты проснешься ль, исполненный сил?»
Гэта прыйшло пазней — сапраўдныя пакуты за народ. Чалавек, як вядома, найбольш сумленны да дваццаці пяці год, у гэты час ён арганічна не выносіць несправядлівасці, але моладзь занадта прыслухоўваецца да сябе, ёй нова і цікава глядзець, як новымі думкамі і пачуццямі (яна ўпэўнена, што такога не думаў і не адчуваў ніхто) рунее душа.
І толькі потым прыходзяць бяссонныя ночы над шматком газеты, на якім надрукавана такімі ж літарамі, як і ўсё, што сёння ўзвялі на шыбеніцу трох, разумееце, трох, жывых і вясёлых. Потым прыходзіць і жаданне ахвяраваць сабою. Усе мы, і я ў тым ліку, прайшлі праз гэта.
Але ў той час я ў глыбіні душы (хоць і лічыўся «чырвоным») быў перакананы, што не толькі з шыбеніц растуць на зямлі лясы (што, вядома, было правільным нават у часы Язафата Кунцэвіча і беларускай доказнай інквізіцыі) і не толькі стогн адчуваецца ў нашых песнях.
Для мяне ў той час было значна больш важлівым зразумець, хто я, якім багам я павінен маліцца. Прозвішча маё было, як казалі ў тыя часы, «польскае», — хоць я і дагэтуль не ведаю, што ў ім такога мазавецкага



Назад